КІ́ЕЎСКАЯ АКАДЭ́МІЯ, Кіева-Магілянская акадэмія,

першая вышэйшая навуч. ўстанова, асв. і культ. цэнтр на Украіне. Існавала ў 1632—1817 у Кіеве. Створана ў выніку аб’яднання Кіеўскай брацкай школы (з 1615) і школы Кіева-Пячэрскай лаўры (з 1631) пад назвай Кіева-Магілянскага калегіума (у гонар заснавальніка мітрапаліта кіеўскага П.Магілы). У 1701 калегіуму нададзены правы і тытул акадэміі. Курс навучання — да 12 гадоў, мела 7, а з 1689 8 класаў: фара (падрыхтоўчы клас), інфіма (малодшы клас), граматыка, сінтаксіма і вышэйшыя — паэтыка, рыторыка, філасофія і багаслоўе. Навучэнцы атрымлівалі філал. падрыхтоўку, вывучалі ўкр., грэч., лац., польск. мовы, класічную грэч. і рымскую, сярэдневяковую л-ру, гісторыю, геаграфію і багаслоўе. Пазней уведзены рус., франц., ням., стараж.-яўр. мовы, матэматыка, трыганаметрыя, фізіка, архітэктура, у апошнія гады існавання К.а. — класы дамашняй і сельскай эканомікі, медыцыны. Значнае месца займала маст. і муз. адукацыя. Б-ка акадэміі ў 2-й пал. 18 ст. мела 12 тыс. тамоў, значную колькасць рукапісаў і дакументаў (згарэла ў час пажараў у 1780 і 1811; захаваліся асобныя экз.). К.а. адыграла вял. ролю ў пашырэнні асветы не толькі на Украіне, але і Беларусі. Яна давала магчымасць вучыцца бел. правасл. моладзі (навуч. ўстановы такога ўзроўню на Беларусі таго часу былі каталіцкія). У К.а. атрымлівалі адукацыю таксама студэнты з Балгарыі, Грэцыі, Малдавіі, Расіі, Сербіі. Сярод навучэнцаў і выкладчыкаў былі І.Канановіч-Гарбацкі, Епіфаній Славінецкі, Сімяон Полацкі, Ф.Пракаповіч, Г.Каніскі, С.Косаў і інш., у 1734 вучыўся М.Ламаносаў. З канца 18 ст. пачаўся заняпад акадэміі. У 1817 зачынена, замест яе адкрыта духоўная семінарыя (у 1819 пераўтворана ў духоўную акадэмію, існавала да 1920).

т. 8, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)